ЧАМУ "КАРОЛЬ ЛЕЎ" ВЫДАТНЫ ФІЛЬМ ДЛЯ ХЛОПЧЫКАЎ Паглядзелі з малышом класічнага першага "Кароля льва", і, хаця раней ён мне не вельмі падабаўся, цяпер заўважыла ў ім шэраг плюсаў, праз якіх яго варта глядзець менавіта хлопчыкам. 1. Важнасць ролевай мадэлі. Выразная моцная станоўчая фігура мудрага справядлівага паспяховага бацькі, Муфасы, якога ягоны сын шануе і да якога імкнецца быць падобным. 2. Бацька, арыентаваны на сваё дзіця. Бацька прыходзіць на дапамогу свайму сыну, вучыць яго паляваць, апавядае пра ўзаемазвязанасць жывых істот, паказвае валадарства, і, што вельмі істотна, распавядае, што цары таксама баяцца, і што смеласць - у пераадоленні страху, а не ў шуканні прыгод на свой хвост. То бок праводзіць з ім час і настаўляе для жыцця. Адна фраза, што быць царом - гэта больш чым рабіць, што хочацца, чаго вартая. 3. Учынкі нясуць наступствы. Муфаса дысцыплінуе Сімбу пасля выпадку з гіенамі, але не проста робіць вымову і той пакрыўджаны сыходзіць, як у "Русалачцы", напрыклад, а тлумачыць Сімбе ў чым ягоны праступак, той гэта прызнае (!), і бацька з сынам мірацца і добрыя стасункі працягваюцца. 4. Пакліканне і адказнасць. Пасля смерці бацькі Сімба жыве як тыповая моладзь: няма адказнасці, няма праблем. Потым ён усведамляе сваю памылку і вяртаецца на шлях свайго паклікання, пра якое яму нагадвае бацька (Памятай, хто ты ёсць: ты - адзіны сапраўдны цар). Убачыўшы сваю зямлю ў страшным запусценні, Сімба не ідзе шукаць лепшай, не вяртаецца да Цімона і Пумбы, але бярэ адказнасць за свой край і адбудоўвае яго. Для сучасных беларусаў вельмі карысны момант. Таксама паказана, што Сімба змог рэалізавацца, толькі калі заняў сваё месца, выканаў сваё прызначэнне. І гэта прынесла дабро ўсім навокал. Ну ці ён бы жыў усё жыццё з сурыкатамі і еў бы вусеняў. 5. Вернасць. Падчас выгнання сцэнарысты не прыдумалі для Сімбы новай сяброўкі, ён памятае пра Налу і пазнае яе нават праз шмат год. Карацей, добры мульт)

Теги других блогов: фільм Кароль Лев хлопчыкі